Адказнасць за непраходжанне кіраўнікамі і спецыялістамі праверкі ведаў па пытаннях аховы працы і яе наступствы
Праверка ведаў па ахове працы з'яўляецца эфектыўным метадам прадухілення непрадбачаных сітуацый і няшчасных выпадкаў, мінімізацыі вытворчага траўматызму.
Абавязак работнікаў праходзіць ва ўстаноўленым парадку праверку ведаў па пытаннях аховы працы ўстаноўлены артыкулам 19 Закона Рэспублікі Беларусь ад 23.06.2008 № 356-З "Аб ахове працы".
У адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства кіраўнікі арганізацый, іх намеснікi, адказныя за арганізацыю аховы працы, галоўныя спецыялісты арганізацый, работнікі службы аховы працы (спецыялісты па ахове працы), члены камісій арганізацый для праверкі ведаў працуючых па пытаннях аховы працы, упаўнаважаныя службовыя асобы, на якіх ускладзены абавязкі спецыяліста па ахове працы арганізацый, размешчаных на падведамнай тэрыторыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа і якія не маюць вышэйстаячых (не ўваходзяць у склад (сістэму) рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, не пазней за месяц з дня назначэння на пасаду і перыядычна ў адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных прававых актаў, але не радзей як адзін раз у тры гады, праходзяць праверку ведаў па пытаннях аховы працы.
Ва ўсіх раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтах, адміністрацыях раёнаў г. Віцебска створаны камісіі для праверкі ведаў па пытаннях аховы працы. На сайтах размешчаны графік пасяджэнняў камісіі для праверкі ведаў па пытаннях аховы працы і інфармацыя па падрыхтоўцы да іспыту.
Варта адзначыць, што ў выпадку адмоўнага выніку, работнік не можа быць дапушчаны да выканання тых ці іншых абавязкаў і вытворчых аперацый.
Наймальнік абавязаны не дапускаць да працы (адхіліць ад працы) у адпаведны дзень (змену) работніка, які не прайшоў праверку ведаў па пытаннях аховы працы (п. 2 часткі першай артыкула 49 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Адмова работніка (без уважлівай прычыны) ад праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі ведаў з'яўляецца дысцыплінарнай правінай (арт. 197 ПК РБ), за якую ўстанаўліваецца дысцыплінарная адказнасць (арт.арт.198-204 ПК РБ).
Згодна з артыкулам 465 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь юрыдычныя і фізічныя асобы, вінаватыя ў парушэнні заканадаўства аб працы, нясуць дысцыплінарную, адміністрацыйную, крымінальную і іншую адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
У выпадку ўстанаўлення факта не праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі ведаў па пытаннях аховы працы райгарвыканкамы інфармуюць Віцебскае абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь аб фактах ухілення кіраўнікамі і спецыялістамі праверкі ведаў па пытаннях аховы працы.
Гэта інфармацыя служыць падставай для пачатку адміністрацыйнага працэсу па прыцягненню вышэйназваных спецыялістаў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу.
У адпаведнасці з артыкулам 10.13 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях парушэнне службовай ці іншай упаўнаважанай асобай працадаўцы або індывідуальным прадпрымальнікам патрабаванняў па ахове працы цягне накладанне штрафу ў памеры ад пяці да сарака базавых велічынь.