Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб
У адпаведнасці з нормамі Канвенцыі аб правах інвалідаў і мерапрыемствамі Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017–2025 гады прымаюцца меры па стварэнні даступнага асяроддзя жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб (далей – даступнае асяроддзе).
Асноўныя напрамкі па рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў галіне стварэння даступнага асяроддзя вызначаюцца дзяржаўнымі праграмамі на кожныя 5 гадоў.
У 2020 годзе скончыўся тэрмін рэалізацыі падпраграмы 4 "Безбар'ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб" Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады.
Дадзенай падпраграмай было запланавана абсталяваць даступным асяроддзем 227 аб'ектаў, абсталявана больш за 500. Гэта аб'екты аховы здароўя, адукацыі, культуры, сацыяльнага абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншыя. Стварэнне даступнага асяроддзя ажыццяўлялася выканаўцамі за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, уласных сродкаў і спонсарскай дапамогі.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 2020 г. № 748 зацверджана падпраграма 2 "Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб" Дзяржаўнай праграмы "Сацыяльная абарона" на 2021-2025 гады. Падпраграма дасць магчымасць прадоўжыць фарміраванне даступнага асяроддзя жыццядзейнасці шляхам вырашэння наступных задач:
забеспячэнне даступнасці аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры;
забеспячэнне даступнасці вулічна-дарожнай сеткі;
забеспячэнне даступнасці транспартных сродкаў і транспартнай інфраструктуры;
забеспячэнне інфармацыйнай даступнасці, фарміраванне пазітыўнага стаўлення ў грамадстве да інвалідаў.
Для ацэнкі эфектыўнасці рэалізацыі падпраграмы прадугледжаны мэтавы паказчык "Доля даступных для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб аб'ектаў сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры ў агульнай колькасці такіх аб'ектаў".
Для эфектыўнай працы па стварэнні даступнага асяроддзя ў кожным раёне вобласці і гарадах Наваполацк і Віцебск створаны пастаянна дзеючая камісіі па міжведамасным узаемадзеянні, планаванні і кантролі за выкананнем мерапрыемстваў па стварэнні безбар'ернага асяроддзя (далей – камісіі) з удзелам грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў.
Камісіі вызначаюць прыярытэтныя аб'екты ў прыярытэтных сферах жыццядзейнасці для наступнага планавання мерапрыемстваў па стварэнні даступнага асяроддзя, а таксама маніторынг і кантроль стварэння даступнага асяроддзя на аб'ектах з выездам на месцы.
Для планавання і правядзення першачарговых работ у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва створаны і пастаянна актуалізуюцца банкі даных інвалідаў-калясачнікаў і асоб з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата з указаннем іх месца жыхарства і стану сацыяльных аб'ектаў і збудаванняў першай неабходнасці ў месцах іх пражывання.
З 2 мая 2021 г. набыла моц пастанова Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2020 г. № 81 ”Аб зацвярджэнні і ўвядзенні ў дзеянне будаўнічых нормаў СН 3.02.12-2020“ ”Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб“.
Гэтыя будаўнічыя нормы ўстанаўліваюць патрабаванні да праектавання даступнага асяроддзя жыццядзейнасці, неабходнай для сацыяльнай інтэграцыі фізічна аслабленых асоб, пры горадабудаўнічым планаванні, узвядзенні і рэканструкцыі жылых і грамадскіх будынкаў (збудаванняў), у тым ліку жылых дамоў з кватэрамі для фізічна аслабленых асоб, будынкаў вытворчых прадпрыемстваў, з улікам прынцыпаў універсальнага дызайну.