Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама: прамежкавыя вынікі месячніка бяспекі ў перыяд пасяўной кампаніі

На выкананне распараджэння старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ў вобласці праходзіць месячнік забеспячэння бяспечных умоў працы ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення веснавых палявых работ.

Мабільнымі групамі абследаваны 42 арганізацыі і 121 аб'ект аграпрамысловага комплексу, на якіх было выяўлена 433 парушэнні патрабаванняў заканадаўства ў сферы бяспечнай працы.

Шматлікія парушэнні выяўлены ў арганізацыях АПК Пастаўскага, Сенненскага, Талачынскага, Шумілінскага раёнаў.

Асноўныя парушэнні звязаны з неадпаведнасцю патрабаванням бяспечнай эксплуатацыі машын і правядзеннем рамонтных работ сельгастэхнікі.

Выяўлены асобныя парушэнні, звязаныя з утрыманнем тэрыторыі, эксплуатацыяй збудаванняў, складаваннем і захоўваннем матэрыяльных каштоўнасцей у арганізацыях Полацкага, Сенненскага, Аршанскага, Талачынскага, Дубровенскага раёнаў.

Без сродкаў індывідуальнай абароны былі арганізаваны работы ва Ушацкім, Докшыцкім, Полацкім, Расонскім, Чашніцкім, Талачынскім, Сенненскім, Дубровенскім раёнах.

Па выніках работы мабільных груп прыпынена праца 29 адзінак абсталявання, забаронена вытворчасць 6 відаў работ, ад працы адхілена 23 работнікі.

Шляхам прыняцця арганізацыйных, дысцыплінарных мер частка парушэнняў была ліквідавана, бо не патрабавала матэрыяльных затрат.

Спецыялістамі санітарна-эпідэміялагічнай службы вобласці праведзены кантрольна-наглядныя мерапрыемствы выканання ўмоў працы работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Мерапрыемствамі ахоплены 83 аб'екты, з іх парушэнні выяўлены на 70 аб'ектах (або 84%).

Найбольшую долю складаюць парушэнні ў частцы ўтрымання тэрыторыі, вытворчых і санітарна-бытавых памяшканняў.

Па выніках наглядных мерапрыемстваў кіраўнікам арганізацый выдадзена 34 прадпісанні (рэкамендацый) аб устараненні парушэнняў. Складзена 4 пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, вынесена 2 пастановы.

Праца па правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў у перыяд пасяўной кампаніі будзе працягнута.