Кватаванне працоўных месцаў для інвалідаў
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 лютага 2025 года № 91 вызначаны парадак устанаўлення наймальнікам квот для прыёму на працу інвалідаў.
Квота – гэта колькасць працоўных месцаў (у працэнтах ад спісачнай колькасці работнікаў), усталяваная Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, гарадскімі (гарадоў абласнога падпарадкавання), раённымі выканаўчымі камітэтамі, якую наймальнік абавязаны вылучыць і (або) стварыць для працаўладкавання і занятасці інвалідаў.
Квота ўстанаўліваецца наймальнікам усіх форм уласнасці, пры спісачнай колькасці работнікаў ад 100 чалавек і больш. А не ўстанаўліваецца квота грамадскім аб'яднанням інвалідаў, іх арганізацыйным структурам і ўтвораным імі камерцыйным арганізацыям; некамерцыйным арганізацыям; бюджэтным арганізацыям і іншым арганізацыям, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый.
Рашэнні па колькасці квот на чарговы год для канкрэтнага наймальніка прымаюцца мясцовымі органамі ўлады штогод не пазней за 31 снежня бягучага каляндарнага года. Квоты для прыёму на працу інвалідаў на 2025 год устанаўліваюцца не пазней за 1 красавіка 2025 года.
Памер квоты складае не больш за тры працэнты ад спісачнай колькасці работнікаў арганізацыі. Пры гэтым квота ўстанаўліваецца з улікам:
- прапаноў наймальнікаў аб магчымасці выдзялення і (або) стварэння працоўных месцаў для працаўладкавання інвалідаў у лік квоты;
- колькасці інвалідаў, якія пражываюць на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і маюць прафесійныя і працоўныя рэкамендацыі;
- колькасці інвалідаў, якія знаходзяцца ў працоўных адносінах;
- колькасці інвалідаў, зарэгістраваных беспрацоўнымі або звярнуўшымiся па пытаннях працаўладкавання;
- інфармацыі ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, аб колькасці інвалідаў, якія навучаюцца на выпускных курсах.
Штогод павялічваецца працэнт працаўладкавання грамадзян з інваліднасцю.
Улічваюцца таксама патрэбы інвалідаў у ажыццяўленні працоўнай дзейнасці, магчымасці працаўладкавання інвалідаў на свабодныя працоўныя месцы (вакансіі), размешчаныя ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій.
Пры вылічэнні квоты ў спісачную колькасць работнікаў не ўключаюцца работнікі, умовы працы якіх аднесены да шкодных і (або небяспечных) умоў працы па выніках атэстацыі працоўных месцаў па ўмовах працы.
Буйным наймальнікам, якія маюць разгалінаваную сетку структурных падраздзяленняў па краіне, дадзена права самастойна размяркоўваць устаноўленую квоту паміж адасобленымі падраздзяленнямі.
Пры працаўладкаванні аднаго інваліда I групы выкананне квоты будзе лічыцца выкананым у памеры, кратным тром працоўным месцам для працаўладкавання інвалідаў, інваліда II групы – двум працоўным месцам.
Працаўладкаванне інвалідаў у лік устаноўленай квоты можа ажыццяўляцца наймальнікамі на падставе як прамога звароту інвалідаў да іх, так і па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Пры гэтым квота будзе лічыцца выкананай у выпадках, калі працоўныя адносіны аформлены ва ўстаноўленым парадку з інвалідамі, колькасць якіх не менш за ўстаноўленую наймальніку колькасць працоўных месцаў у межах квоты. У залік квоты ўлічваюцца таксама інваліды, якія былі ў працоўных адносінах з наймальнікам да прыняцця рашэння мясцовым органам улады.